МІЖНАРО́ДНЫЯ МЕТРАЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
арганізацыі, створаныя на аснове міжнар. пагадненняў для ажыццяўлення і захоўвання эталонаў асн. адзінак фізічных велічынь і забеспячэння міжнар. адзінства мер і вымярэнняў. У адпаведнасці з Метрычнай канвенцыяй (падпісана ў 1875 у Парыжы 17 дзяржавамі) Генеральныя канферэнцыі па мерах і вазе склікаюцца не менш як 1 раз у 6 гадоў і з’яўляюцца найвышэйшым органам па ўстанаўленні адзінак фіз. велічынь.
Першая Ген. канферэнцыя адбылася ў 1889. Работу па падрыхтоўцы рашэнняў канферэнцый вядзе Міжнародны камітэт мер і вагі, пры якім працуюць 7 кансультатыўных камітэтаў (па электрычнасці, фота- і радыёметрыі, тэрмаметрыі, па вызначэнні метра, секунды, па эталонах для вымярэння іанізуючых выпрамяненняў, па адзінках). Ён таксама кіруе работай Міжнароднага бюро мер і вагі — міжнар. навуковай метралагічнай арг-цыі, створанай у 1875 (г. Сеўр, Францыя). У 1956 створана Міжнародная арганізацыя па заканадаўчай метралогіі, якая распрацоўвае мерапрыемствы па ліквідацыі перашкод у міжнар. гандл. і навук-тэхн. супрацоўніцтве, выкліканых няўзгодненасцю нарматыўных дакументаў розных краін. Пытанні метралогіі вывучаюць Міжнар. электратэхн. камісія (засн. ў 1906), Міжнар. арг-цыя па стандартызацыі (засн. ў 1947) і інш. Гл. таксама Метрычная сістэма мер.
У.Л.Саламаха.
т. 10, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)